«Беларус — гэта не алібі і не знак якасці». Маніфест новай Беларусі: чаму зараз рэальна трэба купляць «сваё»

Культ • редакция KYKY

«Поп-культурніцкія ды інтэлектуальныя інтэрвенцыі «русского мира» пры адсутнасці супрацьдзеяння ператвараюць фармальна незалежную дзяржаву ў правінцыю суседняй імперыі». Сядайце ямчэй — зараз будзе агністы маніфест, напісаны ў калабарацыі Максіма Жбанкова і Мікалая Халезіна пры ўдзеле Надзеі Зелянковай. Гэта — «больш чым культура» і яно пра ўсіх нас. 

«Поп-культурніцкія інтэрвенцыі «русского мира» ператвараюць незалежную дзяржаву ў правінцыю імперыі». Навошта ўкладвацца ў культуру?

Бо камунізм забілі the Beatles, джынсы і кока-кола — і ў гэтай формуле больш праўды, чым можа здавацца на першы погляд. Сутнасць пытання — у разуменні таго, як працуе культура і навошта яна патрэбная.

У трох банальных яе трактоўках — музей, забава, агіт-рэсурс — ёсць агульнае: успрыманне культуры як інструмент кіравання масамі. У гэтым выпадку культура першапачаткова неістотная і другасная. Яна прылада ўлады і мае сэнс толькі як дадатак да палітыкі з эканомікай: як сэрвіснае абслугоўванне ўладных інтарэсаў, пазбаўленае самастойнай вагі і асобнай гісторыі.

З такога гледзішча стратэгічна ўкладвацца ў культуру сапраўды смешна. Прасцей укладвацца ў палітыкаў і суб'екты эканамічнага поля. Але менавіта праз недаацэньванне сэнсу і ролі культурніцкай працы Беларусь ператварылася ў калгасную дыктатуру з неразвітою палітычнай альтэрнатываю, запалоханым электаратам, аварыйнаю міграцыяй крэатыўных элітаў і культурніцкім тэрорам у якасці галоўнага рэсурсу выхавання лаяльнасці. І, на жаль, такая пагроза можа сёння датычыць не толькі постсавецкай Беларусі, але і любой іншай краіны, якая не выбудавала абарончых рэдутаў ад таталітарызму і аўтарытарызму, што атакуюць свет.

Службова-інструментальнае трактаванне культуры ўяўляецца глыбока памылковым. Бо выкрэслівае з функцыяналу культурніцкага поля вельмі важны элемент — яго шматстайную і неадназначную крэатыўнасць, штодзённую працу нацыі ў пошуках самой сябе. Здольнасць дзеяць незалежна ад дэкрэтаў і ўказаў. Дар ствараць новыя культурніцкія матрыцы, практыкі і каштоўнасныя ўстаноўкі.

Важна зразумець: няма ніякай «асобнай» культуры з выразнымі ды яснымі межамі. Любы факт нашай рэальнасці — ад прыватнай кавярні да авангарднага балету — мае культурніцкае вымярэнне. Любое дзеянне мае культурніцкую вагу. Культура ўва ўсёй яе разнастайнасці — не проста блок пасланняў, пакет тэкстаў, набор каштоўнасцяў, жыццёвыя стандарты і калекцыя артэфактаў. Гэта формы сацыяльнага дзеяння, з дапамогай якіх нацыя занятая сваім самавызначэннем. І, што яшчэ важней, рэсурс самаарганізацыі. Тое, якімі і кім мы дазваляем сабе быць.

Культура нацыі ёсць наборам практыкаванняў у ідэнтычнасці. Таму абарона культуры — гэта больш за падтрыманне адукацыі ды культурніцкай індустрыі. Гэта абарона нацыянальнага суверэнітэту і ментальнай незалежнасці. Для посткаланіяльнай «малой» нацыі падтрыманне культуры — гэта, у існасці, пытанне жыцця і смерці. Бо поп-культурніцкія, медыйныя ды інтэлектуальныя інтэрвенцыі «русского мира» пры адсутнасці супрацьдзеяння актыўна ператвараюць фармальна незалежную дзяржаву ў правінцыю суседняй імперыі.

Нармальная экасістэма культуры дзеіць у рэжыме сталага канцэптуальнага пошуку, крытычнай экспертызы, ратацыі кадраў, узаемадзеяння розных паверхаў культурніцкай вытворчасці, барацьбы за спажыўца, гульні з кантэкстам і сэнсавага абнаўлення. Але сёння гэта ўжо не пра Беларусь.

Сучасная беларуская культурніцкая сітуацыя – гібрыд татальнай бюракратызацыі дзяржаўных інстытуцыяў, сілавой зачысткі культурніцкага поля, дзяржаўнага культурніцкага тэрору і крызісна-аварыйнага рэжыму працы крэатыўных элітаў. Беларуская культура фактычна жыве на абломках ранейшага культурніцкага парадку і функцыянуе як набор яго аскепкаў. А гэта ўжо, у існасці, першая прыкмета гуманітарнай катастрофы.

Бо адтуль, дзе не працуе культура, рана ці позна прыходзяць танкі.

Не можа быць здаровай культуры ў хворым грамадстве. Але і з хвораю культураю грамадству не быць здаровым. А ў звязку з тым, што беларуская культура апынулася ва ўнікальнай сітуацыі фактычнага выгнання з краіны, яна вымушаная карэктаваць як сваю стратэгію і тактыку, гэтак і сваю місію.

Відавочна, што сёння беларуская культура і мастацтва, размеркаваўшыся як у Беларусі, гэтак і за яе межамі, выйшлі за межы проста стварэння культурніцкіх прадуктаў. На іх лягла адказнасць за захаванне цэласнасці беларускага культурніцкага поля, няхай і падзеленага геаграфічна. Пры гэтым, выявіўшы сябе за апошнія гады ў якасці «цэменту», які яднае і змацоўвае розныя суб'екты палітычнага поля ды грамадзянскай супольнасці, беларуская культура прыняла на сябе статус больш чым культуры.

Укладаючыся ў культуру, мы падтрымліваем сацыяльную адказнасць і грамадзянскі актывізм. Мы разбураем банальнае дзяленне на «стваральнікаў» і «спажыўцоў». Мы ўкладаемся ў права на крэатыўнае самавызначэнне і роўныя магчымасці на асабісты рост. Мы атрымліваем права на жыццё, на выбар будучыні і свабоду творчасці. Гаворка пра рэанімацыю нацыі. Гэта больш чым культура.

«Не ратаваць, а дазволіць развівацца». Як будаваць культуру цяпер

Як працаваць з творчым рэсурсам, які застаўся на акупаванай рэжымам тэрыторыі? З выразным разуменнем надзвычайнасці сітуацыі ды абмежаваных магчымасцяў дэманстрацыі іншадумства на тэрыторыі краіны. Праз распрацоўванне сістэмы крэатыўнай мабільнасці (калабарацыяў і выязных праектаў), уладкаванне прасторы новага культурніцкага падполля ды інтэлектуальнага партызанінгу. З выразным усведамленнем таго, што калектыўная бяспека вышэйшая за ўсё, а чалавечае жыццё – безумоўны прыярытэт.

Фактычна мы атрымліваем два ключавыя вымярэнні новай адзінай беларускай культуры: легальны публічны выязны крэатыў і таемны культурніцкі супраціў у самой краіне. Задача найбліжэйшай будучыні – пашыць абодва гэтыя трэнды ў агульнае поле віртуальна-мабільнага белкульту.

Геапалітычныя расклады пазамінулага і мінулага стагоддзяў ужо не адпавядаюць рэаліям новага інфармацыйнага ды культурніцкага парадку. Сеткавая камунікацыя працуе па-над межамі і цэнзурнымі бар'ерамі. Значна важнейшы не ідэалагічны, а якасны разрыў — сэнсавы і функцыйны падзел: інерцыйна-другасны самапаўтор (незалежна ад лакацыі і выбару палітычнай пазіцыі) альбо актыўна інавацыйны культурніцкі актывізм новых еўрапейцаў.

Дзе перспектыва? Не будаваць нішавай пляцоўкі для «вечна пакрыўджаных», а гадаваць адкрытых, дынамічных, незашораных і здольных стаць канверсоўнымі. Не культурніцкіх бюракратаў, а новых актараў глабальнага культурніцкага рынку. У што ўкладацца? У агульную лепшую будучыню.

Стратэгічная мэта: пераадолець падвойнае тармажэнне — лукашысцкую інерцыйную «стабільнасць» і культурніцкі шок «прайгранай рэвалюцыі». Абедзве гэтыя культурніцкія сітуацыі сябе вычарпалі. Агульная задача: не ратаваць, а дазволіць развівацца, ствараючы ўмовы для сталага росту. Не кропкавыя датацыі і прымусовае адміністраванне, а перазапуск культурніцкай дынамікі. Яна ж — падмурак самаарганізацыі грамадзянскай супольнасці.

Прынцыпова важная адмова ад патэрналісцкага і спажывецкага падыходу да культурніцкіх працэсаў. Гаворка мае весціся пра стварэнне не «новых міністэрстваў», а новых правілаў існавання – асяроддзя, спрыяльнага для самаарганізацыі крэатыўных супольнасцяў. Не вертыкалі ўладнага падпарадкавання, а гарызантальнай сеткі праектных структураў і творчых альянсаў.

Задача стварыць новы цыкл, які існуе ў культурна развітых краінах, але да гэтага часу не развіўся з аб'ектыўных прычынаў у Беларусі. Рыхтаванне і перападрыхтаванне артыстаў / выхаванне публікі / публічная прамоцыя / сістэмная экспертыза і г. д. Але з адною важнай асаблівасцю, абумоўленай унікальным станам беларускага культурніцкага поля: з нарастальным уплывам на сумежныя палі — палітычнае, грамадскае, эканамічнае.

Адпаведна, для гэтага неабходны шэраг абнаўленняў. 

1. Дыягностыка

Сталая і рэгулярная экспертная ацэнка наяўнага стану беларускага культурніцкага поля на ўсіх узроўнях – ад стратэгічнага да сітуацыйна-тактычнага: кадры, канцэпты, каналы, вектары развіцця. Ператварэнне вынікаў у публічныя матэрыялы, навучальныя курсы і даследчыя тэксты / манаграфіі / сеткавыя рэсурсы.

2. Новыя фільтры сэнсаў і якасці

Міжнародны пул экспертаў з рэгулярнаю працаю на конкурсах, тэндарах, пітчынгах і г. д. для беларускіх спаборнікаў.

3. Стратэгічнае праектнае падтрыманне

Сістэмныя доўгатэрміновыя інвестыцыі ў культурніцкае будаўніцтва без жорсткіх тэрмінаў і хуткіх вынікаў (г. зв. доўгія грошы): падтрыманне інфраструктуры культурніцкай экасістэмы: фондаў, інстытутаў, сойму, крэатыўных пляцовак, галіновых супольнасцяў.

4. Селекцыя

Конкурснае фінансаванне кароткатэрміновых праектаў рознай вагі і ўзроўню (г. зв. хуткія грошы): пабудова канкурэнтнага асяроддзя з жорсткімі дэдлайнамі, яснымі вынікамі, дакладнаю сістэмай адбору і адсевам нізкапробнага прадукту.

5. Адукацыя

Кадравае развіццё, стажыяванні, семінары, рэзідэнцыі — з абавязковаю працаю на пралічаны і годны вынік. Курс на акселерацыю: вырошчванне праектаў праз спрыянне іх доступу да экспертаў, калабарацыяў, фінансаў.

6. Новыя сувязі

Лінейка міжнародных і міждысцыплінарных калабарацыяў. Актыўнае выкарыстанне экспертных рэсурсаў дыяспараў.

7. Новы канон

Стварэнне планкі якасці шляхам топ-конкурсу ўва ўсіх асноўных сегментах культурніцкага поля – укладанне ў новыя знакавыя ды флагманскія прадукты і этапныя тэксты.

Прынцыповая асаблівасць беларускай сітуацыі — краіна без краіны: праца ў рэжыме дэцэнтралізаванага мігранцкага крэатыву. Асноўныя сэнсаўтваральныя культурніцкія структуры — тэатры, выдавецтвы, музычныя супольнасці, медыйныя праекты, аналітычныя групы – сёння працуюць па-за дзяржаўнымі межамі. Але раскіданасць чалавечых і тэхнічных рэсурсаў па краінах і кантынентах — толькі дадатковы аргумент на карысць адмовы ад шаблонных крокаў і ўчорашніх рашэнняў.

Няма краіны — значыць, фармуем не стацыянарнае культурнае асяроддзе, а каманду мабільных транснацыянальных гульцоў, якія ўмеюць працаваць з чужымі лакальнымі культурніцкімі палямі. Робім транзітыўны крэатыў – не абмежаваныя эмігранцкія зоны, а сетку дынамічных дыяспараў з добрым рэсурсам росту.

Не разрывы, а мантажныя склейкі. Не рэчы, а сэнсы і магчымасці. Белкульт незваротна ператвараецца ў міжнароднае прадпрыемства і глабальны праект. Краіна — гэта мы. Краіна там, дзе мы. Будаваць Беларусь можна ўсюды, дзе ёсць беларусы: не замыкацца ў лакальных гета, а выходзіць на міжнародныя калабарацыі.

Што будуем? Не настальгічна прыпылены Брайтан-Біч, а жывое канкурэнтнае асяроддзе — працоўны сегмент глабальнага поля, зону еўрапейскіх камунікацыяў і супольных крэатыўных праектаў, мабільную беларускасць, гнуткую ідэнтычнасць.

Быць рознымі — нармальна. І спрэчкі — гэта важна. І быць нязгоднымі — добра. І барацьба за рэсурсы — гэта натуральна. І беларус — гэта не алібі і не знак якасці.

Галоўны вораг не там, дзе народ яго памылкова ўяўляў некалькі дзесяцігоддзяў, гэта не «кардонны» рэжым Лукашэнкі, а ўласная інерцыя, звычка да моцнай рукі і гарачая любоў да вертыкалі ўлады. Новая культура скончыцца там і тады, дзе і калі яе хтосці здолее ўзначаліць. Больш чым культура — гэта сацыяльны актывізм праз крэатыўныя практыкі: дызайн посттаталітарнай нацыі.

Тэкст падрыхтаваны па замове Беларускай Рады культуры ў межах раcпрацоўкі дарожнай мапы культурніцкіх рэформ.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Минск будущего в трех реальностях — вымученная стабильность, глубокая интеграция и победа. Нейросеть показывает, как это будет

Культ • редакция KYKY

​​​Есть три реальности, в которых потенциально может оказаться Беларусь — они настолько разные, что даже не знакомы друг с другом. Нам же остается делать все, чтобы приблизить одну из них, и надеяться, что выбор есть всегда — даже когда это не наш выбор. Мы решили визуализировать возможное будущее, и попросили ИИ показать фото Минска в каждом из этих сценариев.